Delphi 5: хутчэй, вышэй, магутней...
Дзейсьці гады два таму кампанія Borland абвесьціла, што зьбіраецца выпускаць у кожным квартале па новаму прадукту. Чаго вартыя подобныя абяцанні мы ведаем хаця б на прыкладзе Microsoft, якая увесь час адкладае выхад раней анансаваных прадуктаў, падаўжаючы першапачатковыя тэрміны амаль што ўдвая. Але ці то распрацоўшчыкі кампаніі Borland больш спрытныя, ці то маркэтынгавая палітыка больш пачэсная, ці то проста шанцуе ім — карацей, пакуль што абяцанні свае выконваюць і дадзенае слова трымаюць. А паколькі прадуктаў у іх засталося чатыры (Delphi, C++Builder, JBuilder ды Interbase), то кола замыкаецца роўна праз год.
Вось і гэткім разам чым бліжэй было да сьпякотнага экватару лета, тым больш па сетцы гуляла чутак пра чарговую вэрсію Delphi. І вось 19 ліпеня кампанія афіцыйна абвесьціла аб пачатку продажу пятай версіі свайго найболь вядомага сродка хуткай распрацоўкі.
Так уж гістарычна склалася, што на постсавецкіх абшарах пазыцыі менавіта языка Паскаль вельмі моцныя. Тут не было Unix з ягонай прыроднай накіраванасьцю на С, не было макінтошау, каб клапаціцца аб пераносе праграмм паміж платформамі, не было, а шчыра кажучы няма і да гэтуль, сяці, а узьнікненне самое індустрыі масавага праграмавання было выклікана першым шырокім распаўсюджваннем пэрсанальных кампутараў, якое прыйшлося на канец васьмідзесятых-пачатак дзевяностых. Менавіта на гэты час прыпадаў росквіт кампаніі Borland, якая стварала лепшыя кампілятары для пэрсанальных кампутараў, што ў рэшце і вызначыла прыхільнасьць мясцовых праграмістаў да сродкаў з прыстаўкай Turbo.
Ва ў жыццевым цыкле амаль што кожнай праграмы рэвалюцыйнай зьяўляецца толькі першая вэрсія — усе астатнія, гэта крокі ў эвалюцыйным, экстэнсіўным разьвіцці. Дадаюцца новыя нязначныя функцыі, пашыраюцца і ўдасканальваюцца наяўныя, выпраўляюцца памылкі, ды раз-пораз перамалёўваецца інтэрфэйс. Бадай што ўсё.
Што ж цікавага прапанавала нам Borland у апошняй вэрсіі? На жаль, прашло яшчэ вельмі мала часу, каб праграма пасьпела зьявіцца на кампакт-дысках. Няма нават бэта вэрсіі, бо ў гэтым годзе склад бэта выпрабавальнікаў быў вельмі абмежаваным. Ці то яны пачалі пісаць без памылак, ці то проста мала чаго зьмянілі ў параўнанні з папярэдняй вэрсіей? Таму прыйдзецца пакуль абмежавацца тымі сьведчаннямі, якія можна знайсці ў Інтэрнэце.
Інтэграванае асяроддзе распрацоўкі
З першай вэрсіі Delphi неставала гнуткасьці ў настройцы асяроддзя распрацоўкі. Можна было выбраць адну з чатырох прапанаваных раскладак клавіятуры, але зрабіць сваю было немагчыма. Для шматлікіх акенцаў адзінае, што захоўвалася — гэта каардынаты на экране. Асабліва гэта было нязручна для акна са сьпісам зьменных, бо пад час наладцы кожным разам прыходзілася рабіць яго паверх усіх астатніх акон. У пятай вэрсіі карыстальніку дадзены ўсе сродкі, каб наладзіць інтэграванае асяроддзе на свой густ. Яшчэ адно файнае палепшанне — гэта сьпіс таго, што неабходна выканаць. Бывайце шматлікія жоўтыя паперкі, якімі ўвесь час прыходзілася абклеіваць манітор.
Чаго бракавала Delphi у параўнанні з прадуктамі Microsoft дык гэта ўдасканаленнага браўзера праекту. Працаваць раней было вельмі нязручна: дрэва файлаў у адным месцы, гіерархія клясаў — у другім, і толькі для аднаго модуля. У новай рэдакцыі гэтыя праблемы вырашыны дзякуючы новаму адзінаму браўзеру праекта. Да таго ж зараз можна дабаўляць у праект файлы рэсурсаў (RC) і праглядаць у гіерархічным выглядзе структуру модуляў дадзеных (DataModule).
Магчымасьці наладкі пашыраныя на падтрымку адначасовай наладкі некалькіх працэсаў. Наладкі спараджоных працэсаў і наладкі выконваючыхся працэсаў. Кропкі перапынку зараз можна заарганізовываць у групы і прызначаць ім некаторыя дзеянні. Да таго ж сведку па кропке перапынку можна будзе атрымаць затрымаўшы над ей мышыны курсор.
Новаўвядзенняў да кампанент усяго пяць, але гэта той выпадак, калі значна не колькасьць, а якасьць. У рэшце рэшт зьявіліся фрэймы для хуткай пабудовы састаўных кампанэнтаў. Хто хаця б раз намагаўся зрабіць просьценькі кампанэнт, напрыклад, з поля рэдактавання й выпадаючага сьпісу, зможа ацэніць гэта па вартасьці. Да стандартных кампанэнтаў дададзены паўнафункцыянальны вэб браўзер. Ці то зараз павялічыцца колькасьць запытаў у судзе супраць засілля Internet Explorer, калі кожны зможа самастойна зрабіць свой браўзер? Зьявіўся набор кампанэнтаў для сувязі з офісам й аўтаматызацыі офісных задач. У разьвіцце тэмы пераймання ўсяго лепшага з канкурыруючых прадуктаў уласьцівасьці аб’ектаў зараз падзеленыя на групы. І, на заканчэнне, зьявілася падтрымка мэтаду OwnerDraw у рэдактары ўласьцівасьцяў. Сапраўды, ці не лепш бачыць сам колер, замест яго назвы, альбо, увогуле, ягонага шаснаццацерычнага выяўлення.
Зьявіўся сродак групавой распрацоўцы, каб некалькі інжэнераў маглі сумесна працаваць над аднім праектам. Штосьці гэткае існавала і раней, але мабыць гэтым разам будзе працаваць.
І, як самае салодкае, у новую вэрсію ўведзены сродак для перекладу дастасаванняў на іншыя мовы. Не, не з Паскалю на Сі, ці то Джаву. Меюцца на ўвазе чалавечыя мовы. Мабыць гэта дапаможа стварэнню беларускіх праграм?
Базы дадзенных
Зьмяненні ў дачыненні да базаў дадзенных закранулі ў першую чаргу Borlnad Database Engine. Здаецца няма а ні воднага праграміста, які б выкарыстоўваў гэтую бібліятэку і не скардзіўся на яе. Памяці яна патрабует шмат, працуе марудна, ды і памылкі ёсьць. Фактычна, ў новай вэрсіі распрацоўшчыкі з Borland адмовіліся ад ідэі адное ўнівэрсальный бібліятэкі, на карысьць індывідуальных рашэнняў для кожнай базы. Так, пастаўляюцца наборы кампанэнтаў для працы з Interbase (Interbase Express), MS SQL Server (праз падтрымку ADO OLE DB інтэрфэйсаў), Oracle8і. Дарэчы, BDE 5.01 так сама пастаўляецца для сумяшчальнасьці з папярэднімі вэрсіямі й для файл-сэрверных базаў.
З іншага, што датычыць базаў дадзеных у новай вэрсіі — гэта ўрэшце зьявіўшаеся аўтаматычнае абнаўленне адлюстравання дадзеных пры працы ў сетцы (гэта, калі на адным кампутары аператар, напрыклад, зьмяняе запіс, а ўсе астатнія гэта адразу бачаць). Дарэчы, такая магчымасьць была яшчэ ў дапатопным Paradox Engine, але зьнікла ў першых вэрсіях BDE.
Інтэрнэт
Новы набор кампанэнтаў InternetExpress падтрымлівае дынамічную гэнерацыю старонак пад стандартам XML і HTML4 і перадачу іх ад сэрвера да аддаленага кліента. Зьявіўся рэдактар веб-старонак. Астатнія палепшанні датычаць размеркаваных вылічэнняў (новыя ўласцівасьці 4TConnection, якія даюць больш удасканалены кантроль над параметрамі канекцыі, і шляхам перадачы дадзеных). Урэшце зьявіўся сродак аддаленай наладкі дастасаванняў CORBA.
На заканчэнне
Бадай што ўсе. Застаецца толькі чакаць, калі новая вэрсія ўсім вядомай праграмы зьявіцца на кружэлках. Бо, калі ўсе заяўленнае спраўдзіцца, то прынамсі на год мы атрымаем сучасны сродак для распрацоўкі сучасных дастасаванняў. А там зноў лета, ліпень, новая вэрсія...
Андрэй Кірэеў
26.07.1999