Адным з асноўных складнікаў светапогляду людзей усіх эпох былі касмаганічныя ўяўленні. З глыбокай старажытнасці мысляры імкнуліся спасцігнуць прыроду светабудовы, выстаўлялі розныя тэорыі ўпарадкавання сусвету. Але, апераджаючы навуковыя гіпотэзы, а пазней паралельна з імі існавалі міфалагічныя і фальклорныя ўяўленні пра светабудову. Яны адлюстраваліся ў вуснапаэтычнай творчасці народаў, асабліва ў эпічных жанрах. Возьмем хоць бы карэла-фінскі эпас “Калевала” ці вялікі эпічны твор бурацкага народа “Гэсэр”, у якіх яскрава адбіліся погляды гэтых народаў на ўзнікненне і будову сусвету. Традыцыйныя касмаганічныя ўяўленні адлюстраваліся таксама ў народным мастацтве, у прыватнасці мастацтве арнаменту.
Свая сістэма сімвалаў, звязаных з космасам, склалася ў беларускім народным арнаменце, які ўжываўся ў ткацтве і вышыўцы. Гэта — сімвалы зямлі, сонца, месяца, а таксама матыў яднання зямлі і сонца. Яны апісаны ў грунтоўнай працы М.Кацара “Беларускі арнамент”1. Сонца там падаецца выявай ромба з прамянямі ва ўсе бакі.
А зямлю сімвалізуе ромб з прамянямі, скіраванымі ўнутр фігуры. Яднанне ж зямлі і сонца перадаецца праз укампанаванне аднаго з гэтых дэкаратыўных матываў у другі. Форму ромба меў і месяц, але без усялякіх атожылкаў.
Гэта асноўныя фігуры, якія, лічыцца, выяўлялі “касмічныя” сімвалы арнаментыкі беларускага народнага ткацтва і вышыўкі. Аднак, на наш погляд, да іх можна дадаць яшчэ адну сімвалічную фігуру. А менавіта — вядомую васьміканцовую зорку, ці не самы пашыраны матыў беларускай народнай арнаменткі. Вышытую чырвонымі ніткамі васьміканцовую зорку можна сустрэць на ручніках і ў Цэнтральнай Беларусі, і ў Панямонні, і ў Палессі, і ў іншых мясцінах. Гэты ўзор заўсёды ўпрыгожваў і каўнер мужчынскай кашулі, і падол жаночай спадніцы, і край фартуха. Вышывалі вялікімі васьміканцовымі зоркамі і святочныя абрусы. Васьміканцовая зорка як элемент аздобы зазвычай выкарыстоўвалася ў ткацтве — разнастайных посцілках, дэкаратыўных тканінах, тканых ручніках і абрусах. Пашырана яна і ў вырабах з інкрустацыяй саломкай. Бывае на яйках-пісанках. М.Кацар у сваёй кнізе дае тры значэнні сімволікі гэтай дэкаратыўнай фігуры: па-першае, вобраз маці, па-другое, вобраз чалавека і, па-трэцяе, сімвал ураджаю2 Здаецца, гэтыя значэнні не датычаць сістэмы “касмічных” сімвалаў. Але гэта толькі здаецца. Паспрабуем даказаць, што за гэтымі значэннямі хаваецца больш глыбокі сэнс, які цяпер забыты, але які можна выявіць паводле ўскосных прыкметаў. І гэты сэнс якраз звязаны з сімвалічным адлюстраваннем самога сусвету.
Для нашага доказу трэба наогул звярнуцца да паходжання ў беларускай народнай арнаментыцы васьміканцовай зоркі. Гэты элемент геаметрычнага арнаменту лічыцца вельмі старажытным, таму яго паходжанне будзем шукаць у глыбі стагоддзяў.
Напэўна, першае, што можа прыйсці ў галаву: сустракаецца ў дэкаратыўным мастацтве іншых славянскіх народаў. І што мы скажам наконт гэтага пра нашых бліжэйшых суседзяў-славян? Калі мы прагледзім узоры рускай народнай вышыўкі ці ткацтва 3, то заўважым, што дэкаратыўны элемент у выглядзе васьміканцовай зоркі тут даволі рэдкі і, адрозна ад беларускіх народных вырабаў, мае параўнальна малыя памеры, адыгрывае нязначную ролю ў арнаментальных кампазіцыях. Праўда, на поўначы Расіі, асабліва ў Наўгародскай вобласці, васьміканцовыя зоркі ў вышываным арнаменце — меншая рэдкасць, але чаму гэта так, дазнаемся далей.
У арнаменце ўкраінцаў васьміканцовыя зоркі сустракаюцца часцей, чым у рускіх4, але і ў іх яны не адыгрываюць дамінавальнай ролі ў дэкаратыўных кампазіцыях і часцей за ўсё — невялікіх памераў. Паказальна, што арнамент з васьміканцовай зоркай звычайна сустракаецца ў паўночных абласцях Украіны, якія бліжэй да Беларусі, а з рухам на поўдзень назіраецца ўсё радзей.
У Польшчы такі арнамент можна сустрэць практычна толькі на Беласточчыне5, дзе жыло і жыве шмат беларусаў. На астатняй жа тэрыторыі краіны васьміканцовыя зоркі ў дэкоры зусім не ўжываюцца.
Гэтыя назіранні могуць прывесці да дзвюх здагадак: ці то арнамент з васьміканцовай зоркай быў уласцівы ў старажытнасці ўсёй усходнеславянскай народнай традыцыі, але рускія і ўкраінцы, адрозна ад беларусаў, з нейкіх прычын пазней сталі забывацца пра яго, ці то беларусы арыгінальныя ў выкарыстанні гэтага арнаменту і тыя нямногія выпадкі выкарыстання яго суседнімі славянскімі народамі з’явіліся пад уплывам беларускага народнага мастацтва.
Тады паспрабуем выйсці на больш агляднае поле зроку. Васьміканцовая зорка шырока ўжываецца і ў арнаментыцы нашых паўночных суседзяў — літоўцаў і латышоў, народаў, як вядома, не славянскага, а балцкага паходжання.
У літоўскіх тканых пакрывалах арнамент з васьміканцовых зорак прысутны амаль паўсюль, дэкаруюцца ім таксама ручнікі6. Для латышоў васьміканцовая зорка — улюбёны матыў у аздабленні вязаных рукавічак7. Арганічна ўплятаецца васьміканцовая зорка і ў арнамент латышскіх паясоў з мястэчка Ліелвард8.
І тут узнікае яшчэ адна, трэцяя здагадка. Можа васьміканцовая зорка прыйшла да нас ад старажытных балтаў? Не сакрэт, што ў беларускай народнай культуры нямала элементаў, запазычаных з культуры гэтых плямёнаў, якія ў старажытныя часы займалі значную частку сучаснай тэрыторыі Беларусі. Дык магла быць запазычаная і васьміканцовая зорка.
Гэта зусім верагодна. Але вось новая акалічнасць: калі мы працягнем нашу вандроўку на поўнач, то знойдзем васьміканцовую зорку і ў эстонцаў, і ў фінаў, і ў карэлаў. Так, тыя ж васьмі-канцовыя зоркі ва ўзорах на эстонскіх коўдрах9. Знаёмы рысунак, акурат як у беларусаў, на фінскіх і карэльскіх вышытых жаночых кашулях, ручніках10. Гэтыя народы належаць ужо, як вядома, не да індаеўрапейскай сям’і народаў, а да фіна-угорскай. Але ж продкі іх, старажытныя фіна-угорскія плямёны, жылі побач са старажытнымі балтамі, крыху на поўнач, паўночны ўсход і паўночны захад ад іх земляў. Можа, і да іх васьміканцовая зорка прыйшла ад балтаў? Можа, так... А можа, і наадварот — да балтаў ад фіна-уграў?
Цяпер маем чацвёртую здагадку: васьміканцовую зорку балты і славяне перанялі ад фіна-угорскіх плямёнаў. Гэтая версія таксама здаецца верагоднай.
Пойдзем, аднак, далей на поўнач і перабяромся на Скандынаўскі паўвостраў. Тут мы са здзіўленнем убачым, што на сцяне дома шведскага селяніна вісіць тканы дыван з васьміканцовымі зоркамі11. Гэткія ж васьміканцовыя зоркі здаўна былі распаўсюджаныя і ў ткацтве паўночных суседзяў шведаў — нарвежцаў12. Адкуль жа яны тут? Можна дапусціць: ці то ад балтаў, ці то ад балтыйскіх фіна-угорскіх народаў, якія жывуць па суседству са скандынавамі. А калі ўявіць, што менавіта Скандынавія — радзіма арнаментальнай васьміканцовай зоркі? Здагадка пятая. Але, напэўна, гэтую версію тут жа давядзецца адкінуць як малаверагодную. Цяжка меркаваць, як адсюль, з далёкай поўначы, праз шэраг пасрэдні-каў (балцкія і фіна-угорскія народы) нейкі арнаментальны матыў мог дайсці на поўдзень, аж да славянскага Палесся. І гэтак жа цяжка меркаваць, быццам васьміканцовая зорка, калі б яна зарадзілася ў славян, дасягнула берагоў Скандынавіі.
Такім чынам, у нас засталіся толькі дзве найбольш верагодныя версіі паходжання арнаментальнага сімвала ў выглядзе васьміканцовай зоркі. Паводле першай ён з’явіўся ў балцкіх народаў, паводле другой — у фіна-угорскіх. Абедзве версіі, здаецца, маюць аднолькавую верагоднасць. Як ад старажытных балтаў васьміканцовая зорка магла перайсці да славян, фіна-уграў і скандынаваў, так і ад фіна-уграў да згаданых народаў, бо і балты, і фіна-угры знаходзіліся, так бы мовіць, у “цэнтры” распаўсюджання арнаменту з васьміканцовай зоркай.
Мы б так і засталіся ў няведанні, калі б не яшчэ адна акалічнасць. А менавіта: на тэрыторыі Расіі, у Паволжы, жывуць народы (удмурты, мардва, марыйцы), якія ў сваім арнаменце таксама ўжываюць знаёмыя нам васьміканцовыя зоркі1 3. Да таго ж васьміканцовыя зоркі не рэдкасць і ў народа, які жыве зусім у іншых краях, на берагах Дуная, — у венграў. Таму слушна прызнаць, што балты ніяк не маглі паўплываць на арнаментыку ў вырабах насельнікаў басейнаў такіх далёкіх рэк, як Волга і Дунай. Тады ўспомнім, што ўдмурты, мардва, марыйцы і венгры належаць да той самай фіна-угорскай сям’і народаў, а гэта вельмі павышае ступень верагоднасці версіі пра фіна-угорскае паходжанне дэкаратыўнай васьміканцовай зоркі.
І цяпер працэс распаўсюджання гэтага элемента ў арнаменце ўсіх названых намі народаў становіцца дастаткова зразумелым. Справа ў тым, што першапачаткова, у старажытнасці, усе фіна-угорскія плямёны жылі ў адным месцы — у раёне Волгі і Урала, дзе жывуць іх цяперашнія нашчадкі — удмурты, мардва, марыйцы і інш. Тут, відаць, і сфарміраваўся арнамент з вялікіх васьміканцовых зорак, што, як мы бачылі, захаваўся ў гэтых мясцінах да нашага часу. А продкі сучасных фінаў (суомі), эстонцаў, карэлаў і некаторых іншых народаў прыкладна за тысячу гадоў да н. э. адарваліся ад паволжскіх фіна-угорскіх плямёнаў і перасяліліся на паўночны захад, у Прыбалтыку14. Яны прынеслі сюды і сваю арнаментыку, што ўлучала як адзін з асноўных элементаў васьміканцовую зорку. Рассяліўшыся побач з балцкімі плямёнамі, якія жылі ў Цэнтральнай Еўропе ўжо здаўна, фіна-угры ўступілі з імі ў культурны кантакт, штосьці, напэўна, запазычыўшы з балцкай культурнай скарбонкі, а штосьці перадаўшы суседзям, у тым ліку арнамент з васьміканцовых зорак. Ад прыбалтыйскіх фіна-уграў васьміканцовая зорка перайшла да іх паўночна-заходніх суседзяў — германскіх плямёнаў Скандынавіі.
Славяне ў Цэнтральнай Еўропе з’явіліся пазней — у сярэдзіне І тысячагоддзя н. э. Паступова пасоўваючыся на поўнач са сваіх першапачатковых земляў, што былі на поўдзень ад Прыпяці, яны перамяшаліся з балтамі і фіна-уграмі, якія жылі на гэтай тэрыторыі. Вось тады, напэўна, славяне і запазычылі ў іх арнамент з васьміканцовай зоркай. Актыўнае ўзаемадзеянне славянскай культуры з культурамі балтаў і фіна-уграў пачалося якраз на землях сучаснай Беларусі. Таму ў культурнай спадчыне, якую атрымалі ад сваіх далёкіх продкаў пазнейшыя жыхары гэтых мясцін, этнічныя беларусы, вызначаюць вучоныя, шмат што ідзе ад балцкіх і фіна-угорскіх каранёў. Гэтым жа, пэўна, можна растлумачыць і асаблівую папулярнасць у беларускім народным арнаменце, параўнальна з арнаментамі іншых усходнеславянскіх народаў, дэкаратыўнай сьміканцовай зоркі, якую старажытныя продкі беларусаў запазычылі, як мы разумеем, у сваіх фіна-угорскіх і балцкіх суседзяў. Укаранілася яна і ў арнаментыцы жыхароў паўночнай Украіны і ўсходняй Польшчы, што непасрэдна прымыкаюць да Беларусі. Захаваўся ён і ў нашчадкаў старажытных балтаў — літоўцаў і латышоў, а таксама ў паволжскіх і прыбалтыйскіх фіна-уграў — удмуртаў, мардвы, марыйцаў, фінаў, эстонцаў, карэлаў, а пад уплывам апошніх — у жыхароў паўночных абласцей Расіі.
Што ж да венграў, то яны прыйшлі на землі, якія займаюць сёння, з Волга-Уральскага рэгіёна дзесьці ў ХІ стагоддзі. І працягвалі выкарыстоў-ваць у арнаменце васьміканцовую зорку, якую тут можна сустрэць і ў вышыўцы на падоле жаночай спадніцы, і на саматканым абрусе, і ў традыцыйным аздабленні прасніцы.
Такім чынам, здагадка пра фіна-угорскае паходжанне арнаментальнай васьміканцовай зоркі падаецца найбольш верагоднай версіяй. Пярой-дзем да высвятлення сэнсу гэтага сімвала.
У волжскіх карэлаў, напрыклад, арнаментальны матыў у выглядзе васьміканцовай зоркі называўся “кудамакір’я”, што значыць “месячны малюнак”1 5. Буйны ўзор з васьміканцовай зоркай, які вышывалі ўдмурткі на сваіх нагрудніках, называўся “тэле” — “месячны”1 6. А вось вытрымка з карэла-фінскага эпасу “Калевала” (у рускім перакладзе):
Хороша рубашка свата:
Чуть выглядывает ворот,
Словно дочь луны соткала...1 7
З гэтых радкоў можна зразумець, што ўпрыгажэнне каўняра кашулі, якое, дарэчы, найчасцей рабілася арнаментам з васьміканцовымі зоркамі, старажытныя фіны таксама звязвалі з месяцам.
Такім чынам, у фіна-угорскіх народаў, якія былі першапачатковымі носьбітамі арнаментальнага матыву ў выглядзе васьміканцовай зоркі, ён абазначаў месяц. Аднак у беларусаў сімвалічны сэнс яго быў зусім іншы. Як паказвае М.Кацар, гэта: маці, чалавек, ураджай1 8. Здаецца, ніякай сувязі з сімвалічным сэнсам месяца, які мела васьміканцовая зорка ў фіна-угорскіх народаў. Але не будзем спяшацца. Паспрабуем даказаць, што сувязь тут ёсць, і вельмі цесная.
Разгледзім тыя сімвалічныя значэнні, якія меў у старажытных народаў месяц як найважнейшае, нароўні з сонцам, нябеснае цела. Нямецкі даследчык Г.Бідэрман у сваёй вядомай працы “Энцыклапедыя сімвалаў” пералічвае наступныя сімва-лічныя значэнні месяца, якія існавалі ў мінулым у большасці народаў Усходу і Захаду. Па-першае, гэта сімвал жаноцкасці, што вынікае з часавага супадзення менструальнага цыкла з месячнай перыядычнасцю. Па-другое, месяц разглядаўся як вобраз чалавека, які атрымлівае ад месяца святло. І, па-трэцяе, месяц як жаночы сімвал азначаў жаночую пладавітасць, а адсюль — пладавітасць наогул і таму — урадлівасць зямлі19. Цяпер, калі мы параўнаем гэтыя сімвалічныя значэнні месяца з тымі значэннямі, што, паводле ўяўлення беларускіх сялян, мела васьмі-канцовая зорка ў іх арнаменце, то заўважым, што яны цалкам супадаюць: жанчына-маці, чалавек, пладавітасць (ураджай). І можна зрабіць выснову, што хутчэй за ўсё ў глыбокай старажытнасці і ў беларускай народнай арнаментыцы ўзор васьміканцовай зоркі таксама меў сімвалічнае значэнне месяца з усімі сэнсамі, якія зыходзілі з гэтага паняцця: жаноцкасць (вобраз маці), вобраз чалавека, знак урадлівасці (ураджаю). Пазней жа ў беларусаў асэнсаванне гэтага ўзору як сімвала месяца страчваецца. (Месяц пачынае сімвалізавацца выявай ромба без прамянёў.) Але ўсе значэнні, якія нёс у сабе знак васьміканцовай зоркі ў якасці сімвала месяца, засталіся без усвядомленай сувязі з іх першапачатковым носьбітам. Аднак, тым не менш, паходжанне сімва-лічнага сэнсу васьміканцовай зоркі ў беларускай народнай арнаментыцы трэба звязваць менавіта з месяцам як адным з элементаў Космасу, адным з элементаў будовы сусвету.
___________
1 Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка. Мн., 1996.
2 Там сама. С. 11.
3 Багуславская И.Я. Русская народная вышивка. М., 1972; Маслова Г.С. Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник. М., 1978.
4 Украинское народное искусство: Ткани и вышивки. Киев, 1960.
5 Frys-Pietraszkowa E., Kunczyсska-Iracka A., Pokropek M. Sztuka ludowa w Polsce. Warszawa, 1988.
6 Народные художественные промыслы СССР. М., 1983. С. 168—171.
7 Там сама. С. 190—191.
8 Винт Т. Лиелвардские пояса//Декоративное искусство СССР. 1985. № 5. С. 38; Миловский А. Арвид Паэгле — мастер лиелвардских поясов//Декоративное искусство СССР. 1985. № 5. С. 39—40.
9 Народные художественные промыслы СССР...
С. 202.
10 Косменко А.П. Карельское народное искусство. Петрозаводск, 1977; Материальная культура и декоративно-прикладное искусство сегозерских карел конца ХІХ — начала ХХ века. Л., 1981.
11 Искусство стран и народов мира: Краткая художественная энциклопедия. М., 1981. Т. 5. С. 439.
12 Восемь веков норвежского прикладного искусства. М., 1982. С. 15.
13 Искусство стран и народов мира. Т. 3. С. 491, 511; Крокова Т.А. Удмуртское народное изобразительное искусство. Ижевск-Л., 1973; Климов К. Убранство удмуртского дома//Декоративное искусство СССР. 1979. № 2. С. 23—25.
14 Седов В.В. Прибалтийские финны//Финны в Европе. VI—ХV века. М., 1990. Вып. 1.
15 Маслова Г.С. Орнамент русской народной вышивки как историко-этнографический источник... С. 167.
16 Крокова Т.А. Удмуртское народное изобразительное искусство... С. 40.
17 Калевала. М., 1956. С. 155.
18 Кацар М.С. Беларускі арнамент... С. 11.
19 Бидерманн Г. Энциклопедия символов. М., 1996. С. 154—155.
|